Усе прыведзеныя дакумэнты знаходзяцца ў архіве БГЗуА

Чарнобыльскі фонд

У 1989 годзе газэта ´Голас Радзімы´ надрукавала ´Зварот´ ад Беларускага Камітэта Абароны Міру... да суайчыннікаў ва ўсіх кутках сьвету.
Абмяркаваўшы гэты зварот, камітэт Фэдэральнай Рады зьвярнуўся да беларусаў Аўстраліі з просьбай на арганізацыю ахвяраваньняў у фонд дапамогі. Арганізацыйныя пытаньні адносна дапамогі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы пачалі вырашацца Фэдэральнай Радай ў 1989 годзе. На паседжаньні сябры камітэту пастанавілі працягваць пачатую працу на зборцы грошай, таксама вырашылі адчыніць банкаўскі рахунак фонда. Сідлярэвіч паслаў ліст у газэту ´Голас Радзімы´, рэдакцыя якой прыслала адрас ´фірмы Рапапорта´, праз якую існавала магчымасьць даслаць медыкамэнты. У гэты час беларусы Аўстраліі навязалі лучнасьць з камітэтам дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Англіі. Сыднэйскія беларусы сабралі ў сярэдзіне 1990 года больш за 11 тысячаў долараў, а агульна на рахунку фонда было ў гэты час ужо больш за 25 тысячаў. Але ў канцы 1990 года яшчэ не было добра вядома, якім арганізацыям у Беларусі патрэбна дасылаць медыкамэнты і абсталяваньне.
Дэлегаты 9-ай Сустрэчы Беларусаў Аўстраліі вялі актыўнае абмяркаваньне арганізацыі чарнобыльскага фонду ў 1991 годзе, думалі як найлепш перадаць рэчы на Беларусь. У справаздачы гэтай сустрэчы старшыня Фэд.Рады Груша адзначыў, што за два гады зроблена больш працы, чым за папярэднія ад гэтых двух 4 гады працы. Усе дэлегаты хвалілі самаахвярную працу Сідлярэвіча.
Цікава адзначыць, што Фэд. Рада так і не змагла навязаць лучнасьць з БНФ праз газэту ´Навіны´, бо рэдакцыя газэты ніяк не дапамагла аўстралійскім беларусам.

Аднак пазьней праз прыватную асобу ліст дайшоў на адрас БНФ, які ў сваю чаргу параіў наладзіць сувязь з кіраўніком камітэту БНФ ´Дзеці Чарнобыля´. Адначасова Фэдэральная Рада наладзіла сувязі з беларусамі ЗША і Англіі (а. Надсан). Аднак сябры камітэту Фэдэральнай Рады былі не задаволеныя прапановай айца Надсана прыслаць грошы на яго імя, а ён потым іх перадасьць на Беларусь і вырашылі рабіць справу ад свайго імя.

У канцы лістапада 1991 года на імя камітэта ´Дзеці Чарнобыля´ было выслана 14 прадуктовых пасылак, кожная вагай па 98,5 кг (на $1212). Такама былі закуплена 30 тысяч аднаразавых шпрыцоў ($4672). Працягваючы шукаць інфармацыю сябры Фэдэральнай Рады змаглі наладзіць сувязь з мэльбурнскай арганізацыяй дапамогі ахвярам Чарнобылю, якую кантраляваў Р. Грыгаровіч.

Але зноў існавала шмат праблемаў. Фэдэральная Рада зразумела, што ўрад БССР не зьвярнуўся афіцыйна да ўраду Аўстраліі з просьбай аб дапамозе, таму беларусы Аўстраліі паслалі ў Менск ліст, у якім прасілі беларускіх палітыкаў гэтую справу залатвіць. На гэтым трэба спыніцца, бо пасьля артыкулаў у беларускай прэсе з просьбай аб дапамозе, пасьля вялікага рэзанансу навакол сьвета аб Чарнобыльскай катастрофе, беларускія палітыкі ўсё ´спалі ў шапку´ і не рабілі сваю працу. Гэта проста неверагодна і незразумела. Тым ня менш аўстралійскія беларусы працавалі. На працягу 1992 года працягвалася зборка грошай у фонд.

27 верасьня 1991 года Аўген Груша выляцеў у Сыднэй, дзе атрымаў візу ў Беларусь. 30-9-1991 ён ужо быў у Маскве, куды ляцеў разам з групай ´чарнобыльскіх´ дзяцей з Аўстраліі і грузам дапамогі. У Маскве іх сустрэлі прадстаўнікі Гомельскай бальніцы, але груз забраць не змаглі, бо прадстаўнікі аэрапорту Шэрэмецьева-2 не ведалі, дзе ён. Знайшлі толькі пад вечар, калі забіраць было запозна. Так Груша паехаў у Гомель без медыкамэнтаў, маючы з сабой толькі апарат ´Алімпус´. На другі дзень у Гомелі ён перадаў гэты апарат у прысутнасьці карэспандэнтаў кіраўніцтву бальніцы. Пасьля агляду бальніцы прадстаўнікі бальніцы паехалі з Аўгенам Грушай у Менск, узяўшы з сабою 2 бочкі бензіна, бо па дарозе ў Беларусі немагчыма было купіць паліва. Доктар Ніціш паляцеў у Маскву за грузам і прыляцеў позна вечарам. Так груз нарэшце трапіў у Гомель, дзе у суботу 5-10-1991 адбылася афіцыйная цэрымонія перадачы медыкаментаў. На цэрымоніі прысутнічалі прадстаўнікі розных камітэтаў, дэлегаты з Масквы, мэр горада Гомеля, карэспандэнты. Беларусы Аўстраліі перадалі ў Гомельскую бальніцу тавару больш, як на 24 тысячы долараў.

У 1992 годзе Аўген Груша даваў справаздачу беларусам Аўстраліі аб сваёй гуманітарнай паездцы ў Менск і перадачы медыцынскага абсталяваньня ў Гомельскую бальніцу. Ды зазначыў, што яго прасілі арганізаваць побыт 30 дзяцей у Аўстраліі. Прыймалі дзетак усе беларускія арганізацыі Аўстраліі. Напрыклад Беларускае Аб´еднаньне ў Паўднёвай Аўстраліі прынімала ўкраінскіх і беларускіх дзяцей з 4.7.1992 і нават сабралі на падарункі дзецям дадатакова $600.
З дзецьмі аднак былі вялікія клопаты, а калі быць больш дасканалым, то не з самі дзецьмі, а арганізатарамі іх побыту ў Аўстраліі з Беларусі, Украіны і Расеі. Арганізацыя была вельмі слабая, як пісаў Аўген Груша то адну групу дзяцей прывезьла Руская Праваслаўная Царква ў Аўстраліі, але цяжка было адправіць дзяцей назад у Беларусь, бо яны не мелі зваротных білетаў.

Быў скандал і тыя аўстралійскія школы, якія з радасьцю прынімалі дзетак наадрэз адмовіліся рабіць гэта ў будучыні.

Грошы дапамогі працягвалі зьбіраць на працягу 1992, 1993 гадоў. У 1993 годзе на імя Лецькі пераправілі 10 тысяч аднаразавых шпрыцоў. Дэлегаты 10 Сустрэчы Беларусаў Аўстраліі (1993) заслухалі справаздачу ад сабранай фінансавай дапамозе чарнобыльскім ахвярам і пастанавілі працягваць зьбіраць грошы. У сакавіку 1994 года на фондзе зноў сабралася больш за тры тысячы долараў.
Чарнобыльскі Фонд Беларусаў Аўстраліі зьяўвіўся самым найвялікім праэктам, з якім пасьпяхова справіліся сябры камітэта Фэдэральнай Рады, што даказала неабходнасьць існаваньня цэнтралізаванага (фэдэральнага) камітэта беларусаў, які добра арганізоўваў не толькі ўнутраныя беларускія мерапрыемствы (як напрыклад сустрэчы), але і такія вялікія праэкты, як Чарнобыльскі Фонд.