Усе прыведзеныя дакумэнты знаходзяцца ў архіве БГЗуА

Прадстаўніцтва БНР ў Аўстраліі

Бурлівае жыцьцё ў лагерах ДП Нямеччыны з падзелам на крывічэй і зарубежнікаў, з узаемнымі абразамі і даносамі, з уводам у жыцьцё нават новай назвы для Беларусі - Крывія, было перанесяна і ў цэнтры беларускай іміграцыі навакол сьвету. Дзе больш, дзе менш, але палітычная барацьба працягвалася рознымі спосабамі, найбольш ужываемым быў спосаб прадстаўленьня апазыцыянера як камуніста. Беларусы-крывічы ЗША заклалі БІНІМ, пачалі друкаваць газэту ´Беларус´. У Аўстраліі найярчэй палітычная барацьба праявілася ў Сыднэі і Мэльбурне. Беларусы Сыднэю, зпачатку арганізаваныя ў Беларускім Аб´еднаньні ў Аўстраліі ўжо ў 1951 годзе падзяліліся на фракцыі: зарубежнікаў (ці бэцээраўцаў), якія сталі працаваць пад кіраўніцтвам Міхася Зуя і крывічэй, якія зьядналіся ў Беларускім Аб´еднаньні ў НПВ і пад кіраўніцтвам Калодкі ў Мэльбурне. Крывічы ў Мэльбурне падпарадкоўвываліся адзначанаму Калодке, з актыўным удзелам у працы Нікана і Скабея. Менавіта гэтая ´тройка´ была наймацнейшай групоўкай крывічэй у Аўстраліі. Аднак, як мне казаў Аўген Груша, яны вялі вельмі абмяжаваную і нават замкнутую ад іншых працу, перыяд дзейнасьці якой не можна назваць даволі вялікім. На сёньняшні дзень я не знайшоў ніякага пацьверджаньня аб цеснай сувязі паміж аўстралійскім прадстаўніцтвам БНР і кіраўніцтвам БНР у ЗША. Магчыма яно існавала, але дакумэнтальных пацьвярджаньняў пакуль што не знойдзена (мной). Аб слабай працы прадстаўніцтва БНР у Аўстраліі сьведчыць і адсутнасьць якога б ні было друкаванага выданьня і арганізаванай цэнтральнай формы існаваньня прадстаўніцтва. Растлумачыць гэтую зьяву часткова можна фактам стварэньня ´надпалітычнага´ БЦК у Мэльбурне, які ´зьяднаў´ крывічэй і бэцээраўцаў, таксама стварэньнем пазьней Фэдэральнай Рады, якая не падпарадкоўвалася ні БЦР ні БНР, а была па сутнасьці незалежнай цэнтральнай грамадзкай беларускай арганізацыяй у Аўстраліі.

Дакумэнты