Усе прыведзеныя дакумэнты знаходзяцца ў архіве БГЗуА

Ёсьць фонды, ці нямя, будуць ці ня будуць...
А кніжкі выдаваць трэба.
Уладзімер Дудзіцкі. 1948.

Для мяне Беларусь заўсёды была і будзе найбольшым каханьнем: яна чароўная, прыгожая, ласкавая і ўтульная. Я заўсёды лічыў сваім першым і галоўным абавязкам служыць ёй. Што было ў маіх сілах – зрабіў. Сапраўды гэта было нялёгка: у чужыьм краі, ня ведаючы мовы, ня маючы грошай. Да ўсяго таго – заўсёды было замала часу... у дадатак – сямейныя клопаты ды грамадзкія абавязкі...
Уладзімер Шнэк_Случанскі.

Пра беларусаў Аўстраліі мы ведаем меней, чым пра неграў у Афрыцы. З прыватнага ліста да сп. П. Гуза. 9-11-1989.

Гісторыя беларускай эміграцыі Аўстраліі яшчэ чакае грунтоўнага дасьледваньня. Тым часам яшчэ жывуць некаторыя сьведкі і ўдзельнікі-піянэры, якія могуць сваімі ўспамінамі даць багаты матар´ял для такой працы.
Аляксандар Калодка. З кнігі ´Беларусы ў Аўстраліі´. 1984.

Нас беларусаў не вялікая колькасьць на эміграцыі і мы ня маем сілы многа чаго зрабіць карыснага для Бацькаўшчыны. Але тая сьціплая наша праца, што была зроблена і робіцца, павінна быць запісана ў гісторыю. Калі ж ня будзе гэта зроблена, уся нашая праца на працягу гадоў зьгіне бязсьледна. Цяжкі і змагарны пэрыяд беларускай гісторыі будзе негатыўна насьветлены ворагамі незалежнай Беларусі. Ахвярных змагароў-патрыётаў яны прадставяць у чорных колерах. Мы павінны не дапусьціць, каб нашыя суродзічы, як на эміграцыі, так і на Бацькаўшчыне, былі б кормленыя толькі маной нашых ворагаў. Разьбіваць іх ману! Гэта мы можам рабіць нашай прэсай, пісаньнем гістарычных кніг і жывым словам нашых дэлегатаў на міжнародных канфэрэнцыях...
Міхась Зуй. 1987.