Усе прыведзеныя дакумэнты знаходзяцца ў архіве БГЗуА

Літаратурная дзейнасьць беларускіх імігрантаў

Ці друкавалі свае выданьні ў Аўстраліі беларускія імігранты раней? Каб адказаць на гэтае пытаньне, патрэбна доўга шукаць у архівах. Мае ж кароткія пошукі знайшлі толькі польскія публікацыі.
Сярод кніг, напісаных імігрантамі ў Аўстралію вядомая кніга Уджэцкага ´Успаміны пра паездку ў Аўстралію´. У 1893 годзе таксама пабачыў сьвет артыкул Левандоўскага з Сыднэю пад назвай ´Палякі ў Аўстраліі´. У гэтым артыкуле Левандоўскі паведамляе, што палякі шукаюць у Аўстраліі золата, пераязджаюць з места на места, жывуць у тэнтах. Нямногім шанцуе, бо бальшыня цягне лямку цяжкай фізічнай працы. Адзін з іх, нехта Дембіцкі, знайшоў слітак вагай больш за 700 унцый. Многія з няўдалых золаташукальнікаў куплялі блокі зямлі ля Сыднэю для пасадкі вінаграду і іншых зямельных вырабаў.
Што да беларусаў, што паехаўшы па сьвету з лагераў Нямеччыны, яны пачалі паступова наладжваць беларускі друк. Аднавілі публікацыю ´Баявой Ускаласьці´, дзе друкаваліся Змагар і А. Кавалеўскі, Дрыгвіч, Хмара, Камароўскі і іншыя
Наладзілі друк газэт. Станіслаў Станкевіч друкаваў ´Бацькаўшчыну´ (1949-1961, выходзіла газэта ´Беларус´ (1962-1980). У Канадзе зьявіўся ´Беларускі Голас´.
Друкуюцца і часопісы: ´Зніч´, ´Аб´яднаньне´, ´Божым шляхам´, ´Баявая Ускалось´, ´Беларуская моладзь´, ´Беларускі сьвет´, ´Беларуская Думка´ (з 1960 Барысам Шчорсам), ´Веда´, ´Незалежнік´ і іншыя.
У 1951 годзе быў створаны Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва ў ЗША, які аб´яднаў, як паведамлялася больш за 50 беларускіх мастакоў, навукоўцаў і пісьменьнікаў з Канады, Англіі, Францыі, Бэльгіі, Нямеччыны, Італіі, Аўстраліі і ЗША.
Выявіліся вельмі хутка і беларускія імігранты-празаікі: Кастусь Акула (Аркадзь Качан, Канада), Юрка Віцьбіч (1905-1975), Лявон Савёнак (1897-1974), Аляксандар Саковіч (ЗША) і аўстралійскі беларус У. Случчанін (Ул. Шнэк).
Сярод такіх вядомых беларускіх паэтаў з ЗША, як Натальля Арсеньнева, Майсей Сяднёў, Уладзімер Клішэвіч, Міхась Кавыль і іншых вядомы ў аўстралійскі беларус Алесь Салавей.
Шмат беларусаў пісала вершы ў Аўстраліі, вядома не на такіх прафэсійным узроўні, як Алесь Салавей. Сярод аматараў-паэтаў трэба адзначыць Паўла Гуза (Мэльбурн), Шаўцова (Сыднэй), Пятра Сасноўскага (Мэльбурн). Гэтыя людзі пісалі свае вершы для беларускіх нацыянальных сьвяткаваньняў і прысьвячалі іх беларускай зямлі, сваім сябрам, барацьбе за незалежнасьць.
Вядома што пісалася шмат артыкулаў, невялікіх заўваг і проста віншавальных лістоў у газэты. Напрыклад часопіс ´Аб´еднаньне´ паведамляе ў артыкуле ´На адказ ´Голасу Радзімы´ аб тым, што прадстаўнік беларускай іміграцыі не пагаджаецца з зьместам ´у №79 ´КГБ-оўскай газэціны´.