Усе прыведзеныя дакумэнты знаходзяцца ў архіве БГЗуА

БЦК - Беларускі Цэнтральны Камітэт (Мэльбурн)

Аб дзейнасьці БЦК трэба пісаць асобную кнігу. Тут толькі магу зазначыць, што БЦК зьяўляецца выдатным прыкладам ´надпалітычнай´ дзейнасьці беларусаў Мэльбурну і вылучае іх у асобную групу людзей, якія змаглі адкласьці ўбок праблемы крывічоў і зарубежнікаў радзі дасягненьня агульнай мэты. Ні беларусы Адэлайды, ні беларусы Сыднэю да гэтага не дайшлі. Адэлайдцы (акрамя Ролсана) жылі ´навакол´ царквы, сыднэйцы-ж ´навакол´ клубу.

БЦК быў адной з найбольш вядомых беларускіх арганізацый у Аўстраліі. Створаны для дасягненьня агульнай працы паміж так званымі ´крывічамі´ і ´бэцээраўцамі´ у 1963 годзе, БЦК меў роўнае прадстаўніцтва з абоіх бакоў. Пачынаючы з 1964 году і аж да канца 80-х БЦК стала ладзіў нацыянальныя сьвяткаваньні, распаўсюджваў беларускую прэсу, вёў актыўнае ліставаньне з замежнымі беларусамі, прадстаўляў беларусаў Мэльбурна ў Камітэте Паняволяных Народаў (прадстаўнікі: Нікан і Груша). Пры БЦК існаваў да 1987 году беларускі мяшаны хор. Да БЦК належылі: Язэп Алехін, Яўген Груша, Надзя Груша, Фабіян Корбут, Мікола Скабей, Паўла Гуз, Мікола Нікан, Рыгор Шайпак, Уладзімер Сідлярэвіч, Аляксандар Кукель, Міхась Кулага, Мікола Субач, Вольга Субач, а.Аляксандар Грыцук, Алег Шнэк, Ірына Говар, Язэп Сьлесарэвіч, Міхась Шэка, Эўлялія Яцкевіч, Аляксандар Калодка, Уладзімер Шнэк, Янка Стасевіч, Анна Шэка, Тося Гуз і В. Шайпак.

Доўгія гады ў склад кіраўніцтва камітэта БЦК уваходзілі Сідлярэвіч, Гуз, Груша і Шнэк.
Пасьля развалу камунізму ў СССР прадстаўнікі БЦК навязалі цесную сувязь з новай палітычнай хваляй на Беларусі. У 1994 годзе перадалі на рукі Зянона Пазьняка $570US (праз Зеневіча).

Паўла Гуз казаў на Агульнай Справаздачы з дзейнасьці БЦК: наладжана 6-ць нацыянальных сьвяткаваньняў... БЦК брала ўдзел у Зьездзе Беларусаў Сьвету на Беларусі (два сябры управы мелі гонар вітаць зьезд ад беларусаў Аўстраліі), трымаюцца сувязі з ЗБС ´Бацькаўшчына´ і БНФ ´Адраджэньне´... БЦК брала актыўны ўдзел у працы Выканаўчага Камітэту Фэдэральнай Рады і зборцы грашовай дапамогі на чарнобыльскую катастрофу... Госьцю беларусаў Аўстраліі Аўгену Лецька быў дадзены грашовы падарунак ад грамадзтва і $300 на прэсу. БЦК супрацоўнічае з парафіяй БАПЦ у Мэльбурне... бярэ актыўны ўдзел у прыгляду за Беларускім Домам... Склад управы быў вельмі малы – толькі 6 асобаў, але дзякуючы актыўнай працы сяброў тое, што зроблена, ёсьць задавальняючым... Новых сіл не прадбачацца. Асабіста новай эміграцыі, а пра моладзь, то нават няма і гутаркі, бо ня бярэ ніякага ўдзелу...

Паўла Гуза на становішчы Старшынін БЦК зьмяніў у 2003 годзе Алег Шнэк, але ненадоўга, бо сам адыйшоў у канцы 2005 года. З гэтага часу працу пераняў Янка Барысевіч. Негледзячы на здароўе Янка Барысевіч прымаў удзел у працы беларускай канфэрэнцыі ў Літве (2006).

На працягу ўсёй сваёй працы сябры БЦК мелі лучнасьць з камітэтам Фэд. Рады, шмат хто нават уваходзіў у дзейнасьць абодвух камітэтаў, таму ў шматлікіх праэктах, уключаючы сюды і чарнобыльскі, сябры БЦК працавалі без ніякіх праблемаў з камітэтам Фэд. Рады. БЦК зьяўляўся вельмі важнай беларускай арганізацыяй Мэльбурну, можна сказаць – цэнтральнай беларускай арганізацыяй, што адлюстроўвываецца абсягам дзейнасьці, пачынаючы з будоўлі дамоў ´талакой´, удзелам у арганізацыі беларускай школкі ў Мэльбурне, культурнаасьветніцкай працы сярод беларусаў Мэльбурна, падрыхтоўкай рэфэратаў, друкаваных выданьняў і г.д.