Усе прыведзеныя дакумэнты знаходзяцца ў архіве БГЗуА

Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква (Адэлайда)

Я далучыўся да беларускай парафіі БАПЦ у сярэдзіне 90х гадоў. Вельмі хутка зразумеў, што існуе і нерэлігійная беларуская арганізацыя - БАуПА. Тым не менш, пакуль служыў айцец Міхаіл (Бурнос) я вельмі актыўна ўдзельнічаў у рэлігійным жыцьці (чысьціў царкву, прыймаў удзел у сходах, сьвяткаваньнях і г.д.).

У канцы 98 года пачаліся праблемы з пабудовай стадыёна ў раёне Гайндмарш (дзе знаходзілася царква), які практычна засланяў царкву ад сонца. Перанос царкоўнага будынка падняў шмат старых праблемаў, да якіх дадаліся новыя. Гэтыя праблемы вырашыліся ў 1999 годзе, калі на становішча парафіяльнага старшыні выбралі Васіля Яновіча (выхадца з Польшчы). Будучы неблагім чалавекам, сп. Яновіч аднак пачаў рашаць пытаньні як кажуць - на сваю руку, дадаючы направа і налева - я ўжо вырашыў. Мы ведаем, што ён доўга не папрацаваў старшынёй.

Так, ці інакш, але парафіяльнае жыцьцё ў пачатку 2000 года кульгала, бо айцец Міхаіл падаў сваю рэзыгнацыю, нядоўга прабыў і ўкраінскі сьвятар айцец Касацкі (якога ´звольнілі´).

Толькі праз пяць гадоў, пасьля прыходу да кіраўніцтва парафіяй маладога ўкраінскага сьвятара айца Яўгена Квасьнюка нешта наладзілася. Але парафія ўжо была занадта старой. Пераняўшы працу ад Васіля Яновіча Міхась Шчурко (сын айца Міхася Шчурко) павагай не карыстаўся і вельмі хутка яго не перабралі на новы срок. Мікалай Кандрусік, сакратар парафіяльнага камітэту з 1998 года стаў (на маю думку) апошнім парафіяльным старшынёй.

З кнігі чытач дазнаецца аб даволі вялікай працы беларускіх вернікаў у Адэлайдзе. Дадам толькі, што неспакойнае ў першых гадах парафіяльнае жыцьцё паступова стабілізавалася і на маю думку найлепшымі гадамі парафіяльнага жыцьця былі гады кіраваньня парафіяй Кастусём Станкевічам і Уладзімерам Акавітым.

baoc_1